Да зместу
Палацава-паркавы ансамбль графа Плятэра

Гісторыя

Мінулае — гэта наша натхненне

«Ёсць месцы, дзе гісторыя адчуваецца сэрцам.»

Гістарычная хроніка

Исторический вид Опсы
Гістарычны выгляд палаца Плятэраў

XVI стагоддзе

Першыя згадкі

Мястэчка Опса існуе ўжо больш за пяць стагоддзяў. Назва, паводле адной версіі, паходзіць з балцкай мовы і азначае "мелкае". Аднак існуе і іншая, значна больш жывапісная версія, якая захавалася ў мясцовай легендзе.

Легенда аб паходжанні назвы Опса

Калісьці гэтымі землямі валодаў спадар Міланавіч, заўзяты паляўнічы. Аднойчы ў час палявання на яго напаў воўк. Жыццё чалавека выратаваў яго верны сабака, які напаў на драпежніка. Міланавічу ўдалося стрэліць, але ў сутычцы сабака атрымаў смяротныя раны і памёр. У падзяку за выратаванне спадар пахаваў свайго вернага сябра на ўзгорку ў сядзібе і ўсталяваў камень з надпісам "Аб псу". Легенда абвяшчае, што менавіта так гэтае месца і сталі зваць Опса*.

Першае пісьмовае згадванне аб Опсе адносіцца да 7 жніўня 1500 года. Тады вялікі князь Літоўскі Аляксандр Ягеллончык перадаў паселішча смаленскаму князю Глазыне. Зараз Опса — аграгарадок у складзе Опсаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі

Легенда абвяшчае, што менавіта так гэтае месца і сталі зваць Опса.

*Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Браслаўскага раёна. Мінск, «Паліграфафармленне», 1998 г.

XIX стагоддзе

Род Плятэраў

З 1829 года гаспадарамі Опсы сталі графы Плятэры – старажытны шляхецкі род, чыя гісторыя пачынаецца ў XII стагоддзі ў Вестфаліі (сёння гэта частка Германіі). Прадстаўнікі гэтай шляхетнай сям'і ўдзельнічалі ў крыжовых паходах і займалі высокія пасады ў Лівонскім і Тэўтонскім ордэнах. Ужо ў хроніках 1210 года згадваецца рыцар Хумберт фон Плятэр з Вестфаліі.

Плятэры былі адным з самых магутных родаў Вялікага княства Літоўскага. Сярод іх былі мецэнаты, ваяводы, дыпламаты і вучоныя. У XVI стагоддзі род падзяліўся на нямецкую і балтыйскую галіны, але першая з часам згасла. Плятэры славіліся як буйныя землеўладальнікі, ім належалі вялізныя тэрыторыі ў Латгаліі, Літве і Беларусі.

Архіўны партрэт з матэрыялаў роду Плятэраў
Род Плятэраў

XIX стагоддзе

Эмілія Плятэр

Эмілія Плятэр

Але самую гучную славу роду прынесла Эмілія Плятэр, якую сучаснікі называлі "беларускай Жаннай д'Арк". Эмілія ўдзельнічала ў паўстанні 1830-1831 гадоў. З дзяцінства яна захаплялася нетыповымі для дзяўчыны таго часу заняткамі: верхавой яздой, стральбой і фехтаваннем. Любіла размаўляць з сялянамі і збірала беларускі фальклор на браслаўскай зямлі. Калі пачалося паўстанне, Эмілія сабрала і ўзначаліла ў званні капітана ўласны атрад з некалькіх соцень паўстанцаў. Гэты атрад дзейнічаў недалёка ад Опсы. Лёс адмераў ёй нядоўгі век: у канцы паўстання 25-гадовая Эмілія захварэла і раптоўна памерла. Яе пахавалі пад Варшавай, а дзякуючы знакамітаму вершу Адама Міцкевіча "Смерць палкоўніка" імя і трагічны лёс адважнай графіні сталі легендай.

Імя і трагічны лёс адважнай графіні сталі легендай.

XX стагоддзе

Палацава-паркавы ансамбль

Палац Плятэраў
Палац, 1904

У самым пачатку XX стагоддзя граф Фелікс Броэль-Плятэр пачаў будаваць на беразе Опсаўскага возера новы раскошны маёнтак. У 1904 годзе будаўніцтва каменнага палаца ў неакласічным стылі па праекце архітэктара Целяшынскага было завершана. Аднак лёс распарадзіўся так, што самі Плятэры ў сваёй новай рэзідэнцыі так і не паспелі пажыць. Сэрца палаца – галоўны дом з цэглы з элегантным порцікам і двума калонамі каля ўваходу. Першапачаткова дах быў чарапічны, а з боку возера на адкрытую тэрасу вялі шкляныя дзверы. Адтуль да вады спускаўся маляўнічы каскад лесвіц. Побач з палацам захаваўся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў: каменныя стайні, хлявы і ўнікальная лядоўня - "прабабуля" сучаснага халадзільніка. Гэты цагляны будынак з глыбокім склепам, выкладзеным каменем, дзе круглы год захоўваўся лёд.

Асаблівай увагі заслугоўвала агароджа палаца - дубовыя шчыты на каменных слупах былі выкананы ў выглядзе хваляў. За ўязной брамай гасцей сустракаў круглы партэр, па контуры абсаджаны белай і жоўтай акацыяй, з яркім кветкавым палісаднікам у цэнтры, дзе, па ўспамінах старажылаў, некалі стаяла скульптура. Пачынаючы з Першай сусветнай вайны дом амаль ніколі не пуставаў. Спачатку тут размяшчаліся штабы рускай арміі, а з 1915 года - ваенны шпіталь. Пасля рэвалюцыі, калі Опса адышла да Польшчы, улады выкупілі і нацыяналізавалі маёнтак. З 1927 па 1939 год тут працавала адна з найлепшых у краіне мужчынскіх земляробчых (сельскагаспадарчых) школ, дзе юнакоў навучалі перадавым метадам вядзення гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны ў сценах палаца зноў размяшчаліся шпіталі - спачатку нямецкі, потым савецкі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут адкрылі школу-інтэрнат для дзяцей-сірот. З распадам СССР сядзібу перадалі Беларускаму таварыству інвалідаў пад дом адпачынку. Дзяржаўным аб'яднаннем "Віцебскаблрэстаўрацыя" былі ўмацаваны сцены, выкладзены новы дах, але затым аднаўленне на доўгія гады было закансервавана.

Сёння

Адраджэнне

Сёння дамінантай мястэчка Опса з'яўляецца Палац Плятэраў, узведзены ў 1904 годзе, - строгі і элегантны, ён сустракае нас каменнай агароджай, якая захоўвае памяць аб многіх пакаленнях. Сёння Палацава-паркавы ансамбль Плятэраў набыў інвестар і вядуцца актыўныя рэстаўрацыйныя работы.

Мы запрашаем вас на экскурсію па палацава-паркавым ансамблі Плятэраў, у межах якой пройдземся па цяністых алеях парка, дзе кожны паварот адкрывае новыя віды. Спусцімся да возера Опса па каскадных усходах пачатку XX стагоддзі — яе прыступкі, адпаліраваныя часам, вядуць нас да спакойнай воднай роўнядзі. Падыдзем да месца вырастання дуба-патрыярха. Абавязкова палюбуемся дзіўным арачным мастом таго ж перыяду - лёгкім, хупавым, нібы парылым над вадой. Гэты шпацыр - не проста агляд славутасцяў, а апусканне ў жывую гісторыю, дзе камяні, вада і дрэвы працягваюць свой аповяд.

Палацава-паркавы ансамбль на беразе возера
Алея парку палацава-паркавага ансамбля